ШУ́ЛЬЦЭ-БО́ЙЗЕНА—ХА́РНАКА АРГАНІЗА́ЦЫЯ,
падпольная антыфаш. арг-цыя ў Германіі ў 1938—42. Створана ў 1938—39 у выніку аб’яднання падп. груп пад кіраўніцтвам беспарт. антыфашыстаў обер-лейт. Х.Шульцэ-Бойзена (служыў у мін-ве авіяцыі) і ўрадавага саветніка эканаміста А.Харнака. Уваходзілі камуністы, сацыял-дэмакраты, беспартыйныя (усяго больш за 200 чал.). Дзейнічала ў Берліне, дзе мела сувязі з антыфашыстамі на ваен. прадпрыемствах і ў кіруючых органах вермахта, падтрымлівала кантакты з падп. групамі ў Эсэне, Лейпцыгу, Гамбургу і інш. гарадах. Падпольшчыкі здзяйснялі сабатаж на ваен. прадпрыемствах, вялі антыфаш. прапаганду, дапамагалі збеглым вязням канцлагераў. У 1941 яны звязаліся з сав. разведкай і да восені 1942 перадавалі па радыё ў Маскву каштоўныя звесткі, у т. л. аб планах гітлераўскага камандавання. Апіраючыся на гэтую і інш. антыфаш. арг-цыі, сав. разведка стварыла ў Германіі і акупіраваных ёй краінах Еўропы сетку сваіх рэзідэнтур, якая пазней атрымала назву «Чырвоная капэла». У жн.—вер. 1942 Ш.-Б.—Х.а. разгромлена гестапа: 49 чал., у т. л. кіраўнікі, пакараны смерцю, некалькі скончылі самагубствам. Пасля вайны многія падпольшчыкі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі СССР.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1975. Т. 4. С. 226;
Пещерский В.Л. «Красная капелла»: Советская разведка против абвера и гестапо. М., 2000.
М.П.Нікіцін.
т. 17, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)